Рамантызм народжаны бурнай, пераломнай эпохай; яго можна разглядаць як рэакцыю, прычым адмоўную, на Вялікую французскую рэвалюцыю 1789—1794 гадоў, якая па сутнасці сваёй была буржуазнай. Гэта быў надзвычай моцны сацыяльны і палітычны зрух, у выніку якога буржуазія нарэшце атрымала ўладу не толькі эканамічную, але і палітычную і ідэалагічную. На ідэалагічнае панаванне буржуазіі з яе рацыяналізмам, меркантылізмам, «філасофіяй умеранасці», уяўнай сціпласцю патрэб якраз і адказала, палка і бурна, лепшая частка інтэлігенцыі сваімі рамантычнымі творамі. Французская рэвалюцыя, якую назвалі Вялікай і на якую пазней арыентаваліся расійскія бальшавікі ў ХХ стагоддзі, была дамінантай міжнароднага значэння.
Французскія асветнікі (Вальтэр, Дэні Дзідро, Жан-Жак Русо), якія фактычна падрыхтавалі рэвалюцыю, былі ўпэўнены, што пасля яе запануе царства розуму, дабра і справядлівасці. Аднак тыя адносіны і маральныя нормы, якія прынесла з сабою буржуазія пасля рэвалюцыі, былі страшна далёкія ад іх светлых ідэалаў. Але і французская рэвалюцыя не была фактарам адзіным і ўніверсальным для ўсіх нацый. У літаратуры кожнай краіны былі свае перадумовы, якія вызначылі і вытокі рамантызму, і яго спецыфіку. Напрыклад, у Англіі — заканчэнне прамысловага перавароту, у Расіі — Айчынная вайна 1812 года, у шматлікіх усходнееўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, — нацыянальныя праблемы.