У Беларусі барока было абумоўлена і сацыяльным змаганнем (антыфеадальныя рухі), і міжканфесійнымі спрэчкамі (паміж праваслаўем, каталіцтвам і ўніяцтвам), і праявамі контррэфармацыі, паланізацыі, і катастрафічнымі наступствамі для беларускіх зямель ваенных канфліктаў Рэчы Паспалітай з Маскоўскім царствам (1654—1667), падзеямі Паўночнай вайны (1700—1721). Усё гэта парушала гармонію, духоўнае адзінства народа, эстэтыку прыгожага, узнёслага і гераічнага, што вызначала эпоху Адраджэння. На месца суладдзя прыходзіла дысгармонія, на месца рацыянальнага — ірацыянальнае, падсвядомае. Мэта барока — уразіць гледача і чытача. Неад’емнымі яго якасцямі сталі тэатралізацыя, непрадбачаныя эфекты, злучэнне нечаканасцей у форме і змесце, супастаўленне кантрастаў, перавага крывалінейных, а не прамалінейных і сіметрычных абрысаў.
Барока рассунула рамкі, што скоўвалі літаратуру. Яно звярнулася да сродкаў, якія ішлі ад папярэдніх эпох, сінтэзавала сярэдневяковыя і рэнесансныя традыцыі, звярнула ўвагу і на фальклор. Барока абвастрыла цікавасць да чалавечай асобы, якая мітусіцца ва ўмовах быццам бы невырашальных рэлігійных, маральна-этычных і сацыяльных канфліктаў. Чалавек літаратуры барока, унутрана супярэчлівы, надзелены добрымі і заганнымі якасцямі, стаў больш рэальным, зямным, чым гарманічны і цэльны чалавек Ранняга Рэнесансу. Барока імкнулася выявіць трагічны гуманізм часу, хоць у розных краінах гэта раскрывалася па-рознаму