Дзеянне адбываецца ў гады паўстання 1863 г. Генерал Фікельмонт даў загад знішчыць усе чаўны і лодкі. Адзіны паром ля Магілёва ахоўвала рота выпрабаваных у баях салдат пад началам капітана Пора-Леановіча. "Капітану не надта верылі як нашчадку сепаратысцкай фаміліі і ўраджэнцу Магілёва. Таму "ў дапамогу яму" і "на адпачынак" паставілі, таксама капітана, Юрыя Горава, карэннага русака са старой маскоўскай фаміліі".
Кіраўнік паўстанцаў Усяслаў Грынкевіч быў узяты ў палон і асуджаны на смерць. На кардон (заставу) прыляцеў улан, штосьці перадаў Пора-Леановічу, і яго хутка пераправілі на другі бераг.
Пачалася страшэнная навальніца, якую ў народзе называюць "вераб'іная ноч". У цемры двара, якую штохвілінна сляпілі бліскавіцы, з'явілася карэта. Маладая жанчына прасіла пераправіць яе на той бераг. Яна везла ў крэпасць памілаванне мужу, Усяславу Грынкевічу, падпісанае яго "сіяцельствам" графам Мураўёвым. Расстрэл кіраўніку атрада інсургентаў замяняўся пажыццёвай катаргай. Пора-Леановіч ветліва, але цвёрда патлумачыў жанчыне, што зможа пераправіць яе толькі раніцай - такі загад.
Гораву, якога ўразіла прыгажосць і мужнасць жонкі асуджанага, у нейкі момант здалося, што началынк кардона здзекуецца над госцяй. Жанчына ў адчаі гатова плыць цераз раку сама, але капітан не дазваляе і гэтага. Разумеючы пакуты незнаёмкі, Гораў згодны пераправіць яе, Пора-Леановіч, як старшы па званні, забараняе. Аднак разам з салдатам Іванам яны пераправілі жанчыну на той бераг.
Вяртаючыся на заставу, Гораў заўважыў Пора-Леановіча, той стаяў на паромным прычале і саркастычна-пагардлівымі вачыма глядзеў на яго. Начальнік кардона расказаў што Мураўёў падпісаў памілаванне і аддаў ліст у рукі жонкі Грынкевіча. А за дзве гадзіны да гэтага з губернатарскай поштай паслаў фельд'егера, каб на месцы паспяшаліся з выкананнем смяротнага пакарання. Гэты пасыльны перадаў яму, Пора-Леановічу, загад затрымаць жанчыну да трох гадзін раніцы, што ён і зрабіў.
Жонка Грынкевіча спазнілася ўсяго на дзесяць хвілін. Пра гэта паведаміў улан, які вяртаўся з горада. Ён перадаў таксама, што генерал Фікельмонт выказвае Пора-Леановічу ўдзячнасць за дасканала выкананы загад.
Гораў выклікаў Пора-Леановіча на дуэль і нечакана для сябе смяротна параніў капітана. Перад апошнім уздыхам з вуснаў Пора-Леановіча прагучалі словы падзякі.
Завязка – Прыбыццё на паром жонкі Грынкевіча
Кульмінацыя — эпізод сустрэчы Горава з капітанам Пора-Леановіча і ўланам, калі Гораў даведваецца, што ўсё было толькі гульнёй у памілаванне, а на самой справе пакаранне смерцю ўжо адбылося, жанчына спазнілася на дзесяць хвілін.
Развязка- дуэль і смерць Пора-Леановіча.