“Г а с т р ы т. Я супраць кулакоў...
М у л ь ц і к. Колькі іх было на ўсю нашу вёску? Два.
Г а с т р ы т. Брэшаш, болей...
М у л ь ц і к. Два. Зяпа і Мішук Цяркоўскі... Ад іх усе Вежкі плакалі... А каго Васіль Барабулінак эксплуаціраваў? У яго ж парабкаў не было, ён са свайго мазаля жыў...
Г а с т р ы т. Ён народную зямлю эксплуаціраваў...
М у л ь ц і к. Зямля з радасцю аддае ўсё таму, хто да яе рукі прыкладае... Ты проста не хацеў працаваць, як усе, а хацеў наглядчыкам над людзьмі быць... Лёгка, няпыльна і ў пачоце! Вось і муціў ваду, пускаў усім пыл у вочы... сазнацельным прыкідваўся!
Г а с т р ы т. Я лінію праводзіў...
М у л ь ц і к. Толькі крывую і сваю. У Вежках ты моладзь ад зямлі адбіў? Ты... Колькі гадоў сачыў за тым, каб, значыць, ніхто лішнюю бульбіну ці мех зерня ад зямлі не ўзяў... А чаму ж не браць, калі яна дае? Бегаў па гародах, каб хто лішнюю баразну не прагнаў. Хай пустуе, бур'янам зарастае... Не магі!!! З усіх сіл адбіваў ахвоту ў людзей працаваць. Крычаў да хрыпаты, што пазорна мець скаціну ў хляве, хлеба, бульбы шмат збіраць з агарода... Вось калі гол як сакол — значыць, сазнацельны! Калі ў хляве пуста — маладзец! А калі ў цябе каля хаты заместа крапівы жыта калосіцца — буржуй! міраед! кулак! Пуста ў хляве — пуста і ў душы будзе. I хтс ты такі быў? Ні начальнік, ні падначальнік, а так... Прышчык «сазнацельны»... Мы б з голаду ўсёй краінай здохлі, каб, не дай бог, сталі ўсе такія «сазнацельныя», як ты... I тое, што мой Грышка, Ганнін Віцёк і твае дзеці па свеце бадзяюцца, шукаюць немаведама чаго — ты вінаваты! Яны ж на зямлі выраслі, яна ж іх маці, яны ж павінны былі заместа нас на яе прыйсці, каб хлебам людзей карміль... Не пайшлі... Таму што ведалі: такія гастрыты, як ты, не дадуць ім ні спакою, ні волі...
Г а с т р ы т (злосна). Такім, як ты, дай волю — даўно б савецкай уладзе жылы перагрызлі...”
Гастрыт усё жыццё лічыў сябе верным служкай савецкай улады, ён — як адлюстраванне ўсіх заганаў таго часу. Не жадаў працаваць, хацеў быць галоўным, кіраваць, лічыў працавітых людзей кулакамі. Але Гастрыт толькі прыкрываецца савецкай уладай і сваёй ідэйнасцю, ён проста лайдак і зайздросны чалавек, які лічыў, што мае права ўмешвацца ў жыццё кожнага.
“М у л ь ц і к. Змагу я трымаць карову адзін? Назапасіць на зіму сена? Сілы нямашака. Ды і касіць няма дзе. А будзе ў мяне конь, ды я на ім паўсвету за лета аб'ездзіў бы... Там касануў, там... Па ахапцы сена назапасіў бы... I карове і яму. I соткі свае лягчэй зрабіць будзе. I дроў прывезці. Жыць мне з ім лягчэй будзе. Сябе карміць буду, і застанецца яшчэ. А так, год-два, я ж дзяржаве на шыю сяду, як і ты!
Г а с т р ы т. Я не на шыі! Я на пенсіі!!!
М у л ь ц і к. А з канём я сам пракармлюся...
Г а с т р ы т. Ты гэтыя твае кулацкія замашкі кінь!
М у л ь ц і к. Атамны век канчаецца, яны ўсё кулакоў баяцца!
Г а с т р ы т. Конь — гэта срэдства праізводства!
М у л ь ц і к. Дык што?
Г а с т р ы т. А калі табе даць срэдства ў рукі — ого-го! Ты такую багатую гаспадарку на сваіх сотках закруціш — чарцям моташна стане!
М у л ь ц і к. I добра!
Г а с р ы т. I скоцішся!
М у л ь ц і к. Куды?
Г а с т р ы т. Да мелкабуржуазнай ідэалогіі...
М у л ь ц і к. Якая ідэалогія?! Мне восемдзесят гадоў! Лягчэй мне будзе з канём. Больш бульбы вырашчу, малако будзе, заместа аднаго парсючка — трох трымаць буду. Дык я ж сам не з'ем — я вунь адной бульбінай і шкваркай цэлы дзень жыву — прадам калгасу...
Г а с т р ы т. Ага! I грошы, канечне, у кішэнь?! Багацець пачнеш...
М у л ь ц і к. Куды ж я падзенуся з гэтымі грашыма? Яны ж на кніжцы ляжаць будуць: надзёжна, выгадна, удобна! Я ж на гэтыя грошы гвардзію ўзбройваць не буду, каб супраць улады ісці. Я ж не Дзянікін. Я — Мульцік.
Г а с т р ы т. Дай табе каня — Дзянікіным станеш!
М у л ь ц і к. Цьфу! Гэта ж трэба такім ідэйным прыдуркам урадзіцца!”
Ідэалогія Гастрыта наскрозь фальшывая, ён не разумее Мульціка, які жадае жыць з сваёй працы, лічачы гэта праявай кулакоўшчыны. Гастрыт атручаны ілжэ-прынцыпамі камунізму, ён быццам увабраў у сабе ўсё тое негатыўнае, несправядлівае, што было падчас савецкіх часоў, і хоць дзеянне адбываецца ўжо ў постсавецкі час, Гастрыт лічыць, што ананімкі ўсё адно можна пісаць, як ён гэта рабіў раней. З аднаго боку Гастрыт уяўляе сабой страшэннае зло, з другога – у значанй ступені з’яўляецца ахвярай жорсіткага гістарычнага часу.